Рассказ про коляду на белорусском языке

Беларускія традыцыі святкавання Каляд: тры куцці, «смерць казы», варажба па паленцах і іншыя цікавыя звычаі

У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся ўсёй сям’ёй, каб адзначыць самае галоўнае і ўрачыстае свята — Каляды. Беларускія традыцыі святкавання Каляд прайшлі праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён, у некаторых мястэчках краіны яны і дагэтуль развіваюцца і ўзбагачаюцца.

А зараз паспрабуй уявіць сябе тым самым беларусам ці беларускай з мінулага, што ўвесь год з захапленнем чакалі Каляд, каб павесяліцца і смачна паесці, ды занурыся ў цёплую казачную атмасферу свята, прачытаўшы гэты тэкст.

Што гэта за свята — Каляды?

Назва свята — Каляды — мае язычніцкія карані. Лічыцца, што яна ўтварылася ад слова «кола», што азначае «сонца». Традыцыйна Каляды звязваліся з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году — як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Святкаваць пачыналі 25 снежня, а заканчвалі 6 студзеня. Але калі на нашыя землі прыйшло хрысціянства, свята ўвабрала ў сябе новыя рысы: пачаткам Каляд стала Раство, а канцом — Вадохрышча. Зараз каталікі святкуюць Каляды па старых датах, а праваслаўныя вернікі адзначаюць свята з 6 па 19 студзеня.

Першыя падрыхтоўкі да свята: чысціня ў хаце і абавязковая баня

Калядам папярэднічаў строгі шасцітыднёвы пост, падчас якога трэба было прытрымлівацца шматлікіх абмежаванняў у ежы і паводзінах. Моладзі і дзецям, напрыклад, забаранялася гуляць у вясёлыя і шумныя гульні. Таму свята чакалі з нецярплівасцю.

Сустракаць Каляды належала чыстымі і фізічна, і духоўна. Таму перад святам заўсёды рабілі генеральную ўборку ў хаце, шылі новую вопратку ці апраналі ўсё самае лепшае, мыліся ў бані.

Ад строгага паста да шыкоўнай вячэры

Падчас Каляд праводзілі тры абрадавыя вячэры (куцці) з розніцай прыкладна ў тыдзень. Куцця — гэта густая каша, прыгатаваная з ячменю і запраўленая мёдам, якая абавязкова падавінна была быць на стале. На ўсе тры куцці каша варылася ў адным і тым жа гаршчку. Прычым гатаваць яе ад пачатку да канца павінен быў хтосьці адзін — сама гаспадыня, нявестка або замужняя дачка. Гэта, па павер’і, забяспечвала сям’і адзінства і цэласнасць напряцягу наступнага года. Лічылася, што куцця павінна быць густой і клейкай. Гэта азначала, што ў надыходзячым годзе сям’я будзе жыць у згодзе, і ніхто не памрэ. Спрабаваць кашу падчас падрыхтоўкі забаранялася. Гатовую куццю ставілі да заходу сонца ў чырвоны кут. Пры гэтым пад гаршчочак клалі сена, а зверху накрывалі боханам хлеба.

Куцця варылася з цэлых зярнят і лічылася сімвалам неўміручасці, вечнага жыцця

Куцця варылася з цэлых зярнят і лічылася сімвалам неўміручасці, вечнага жыцця

Напярэдадні Раства, першага дню Каляд, сям’я збіралася на першую куццю, якую называлі «беднай» або «поснай». Гэта была ўрачыстая вячэра, што выпадала на апошні дзень паста, таму ўсе стравы гатаваліся без мяса і жывёльнага тлушчу. Колькасць страў залежыла ад дастатку сям’і, магло быць як 5−7, так і 9−12 страў. У першую чаргу гатавалі бліны, квас з грыбамі, рыбу, аўсяны кісель.

Другая куцця праводзілася ўвечары перад Новым годам у каталікоў і перад Старым Новым годам у праваслаўных. Называлася яна багатай або шчодрай, бо на стол падавалі шмат мясных страў: сала, мяса, смажаныя каўбасы, кравянку, халадзец і інш. Сама куцця рабілася на сале або масле. Част напярэдадні свята калолі свінню, што для бедных сем’яў было выключнай з’явай, бо Каляды былі ледзь не адзіным святам, калі можна было ўдосталь наесціся мяса.

Трэцяя, апошняя куцця, была поснай, як казалі, «вадзяной». У гэты час адбываўся рытуал «запісвання каляд». Гаспадар маляваў крэйдай крыжы на варотах, дзвярах, каб зберагчы свой дом ад злых духаў.

Першы дзень Каляд: сена пад абрусам, узгадванне продкаў і містычныя абрады

Калядная вячэра пачыналася з узыходам першай зоркі. На сярэдзіну стала гаспадыня ставіла гаршчок з кашай і талерку з блінамі. Бліны разразалі крыж-накрыж і такім чынам свянцілі іх. Гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву, затым ставіў свечку ў чырвоны кут і першым садзіўся за стол. Па левую руку ад яго садзілася мужчынская палова сям’і, па правую — жонка і дачкі. Перад тым, каб прыступіць да ежы, гаспадар браў лыжку куцці і клаў яе на падваконнік або на парог. Гэта была даніна павагі продкам, бо адно з залатых правілаў народнай культуры абвяшчае: «Перш чым сабе — продкам».

Вячэра ў сям

Вячэра ў сям’і беларусаў, фота пачатку ХХ стагоддзя

Калі ў сям’і з’яўляўся дзіця, то яго абавязкова клалі на стол, тым самым вылучаючы яму месца. А калі дачка гаспадара павінна была выйсці замуж, яе тройчы абводзілі вакол стала і перадавалі жаніху, што азначала «выпісванне» з сямейнага кола.

Стол перад першай куццёй прыбіралі па-асабліваму. Пад абрус абавязкова клалі сена, што па павер’і спрыяла добраму надою ў кароў і аберагала статак ад ваўкоў. Таксама гэты звычай звязваюць і з гісторыяй з’яўлення на свет Ісуса Хрыста, згодна з якой сена было ў калысцы, у якую Марыя паклала немаўля пасля нараджэння. У канцы вячэры па гэтым сене гадалі: хтосьці з сям’і выцягваў дзве травінкі, падпальваў іх і падкідаў уверх. Калі сухія травінкі падалі, кранаючыся адно аднаго, лічылася, што сям’я пражыве год дружна. Калі травінкі рассыпаліся ў розныя бакі, то меркавалі, што дамачадцаў нагоняць хваробы і асабістыя непаразуменні. Ёсць і такія звесткі, што сена падкідалі ўверх дзеля таго, каб хутчэй рос лён і была моцнай жывёла. Сена ляжала пад абрусам тры дні, а затым яго аддавалі хатняй жывёле, каб тая на працягу года была здаровай і мела добры прыплод.

Першы дзень Каляд лічыўся выключна сямейным святам. Тыя, хто па розных прычынах апынуліся ўдалечыні ад дома, імкнуліся завяршыць працу і вярнуцца да каляднага абеду. Народ верыў: калі мы ўсе будзем разам за святым сталом, будзем жыць разам і круглы год.

Другі дзень Каляд: вывернутыя кажухі, смерць «казы» і іншыя традыцыі калядоўшчыкаў

Каляды заўсёды былі вельмі папулярнымі ў моладзі, менавіта яна больш за ўсіх удзельнічала ў разнастайных забавах, гульнях, танцах. Хлопцы і дзяўчаты аб’ядноўваліся ў групы па 5−15 чалавек і пераапраналіся ў розныя маскарадныя касцюмы. Была «каза», «конь», «бусел», «мядзведзь». Часам кампанію ўзначальваў «павадыр» — стары сівы дзядок, які вадзіў на павадку «казу». Таксама ў кампаніі калядоўшчыкаў былі музыкі, запявала, механоша (той, хто насіў мех для пачастункаў) і «цыган». Усе апраналіся ў вывернутыя кажухі, «цыганы» вымазывалі твар сажай, павязвалі каляровыя хусткі.

Калядаванне пачыналася на другі дзень. Калядоўшчыкі збіраліся з надыходам цемры і з песнямі абыходзілі па чарзе ўсе хаты. Яны заходзілі ў двор і пачыналі спяваць віншавальныя, хвалебныя песні гаспадару, гаспадыні і іх дзецям, жадаючы ўсяго найлепшага. Кожная сям’я чакала гэтага моманту, таму гаспадар хутка выходзіў на ганак і запрашаў гасцей у дом, дзе разгортвалася сапраўдная тэатральная імпрэза. Галоўнай гераіняй была «каза» — у старажытнай славянскай міфалогіі яна лічылася сімвалам урадлівасці і дабрабыту сям’і. Яна кідалася то на калядоўшчыкаў, то на гаспадароў, бадала дзяцей. А потым раптоўна заціхала і падала на падлогу. Калядоўшчыкі кідаліся да казы, спрабавалі ажывіць яе. Але нічога не выходзіла. І тады нехта пачынаў песню: «Ой, пан ідзе, Каляду нясе, тры кускі сала, каб каза ўстала». Пачуўшы гэта, гаспадыня ішла ў каморку і выносіла калядоўшчыкам пачастункі. Убачыўшы іх, каза «ажывала». Госці з развітальнай песняй пакідалі хату.

Рытуальная смерць казы сімвалізавала сабой заканчэнне, “смерць” старога года, у якім пажадана было пакінуць ўсе нягоды, хваробы, страты, крыўды. Ажыўленне казы было сімвалам пачатку новага года, новага жыцця

Рытуальная смерць казы сімвалізавала сабой заканчэнне, «смерць» старога года, у якім пажадана было пакінуць ўсе нягоды, хваробы, страты, крыўды. Ажыўленне казы было сімвалам пачатку новага года, новага жыцця

У старажытнасці пераапранутых калядоўшчыкаў успрымалі як душы памерлых продкаў, якія вярталіся ў вёску і заглядалі ў кожную хату, каб даведацца, як жывуць іхнія нашчадкі. Пажаданні дабрабыту калядоўшчыкамі — гэта пажаданні душ продкаў, памерлых гаспадароў зямлі. Менавіта таму такім доўгачаканым гасцям немагчыма было адмовіць у падарунках.

З часу распаўсюджвання хрысціянства калядаванне пачало набываць іншы сэнс. Калядоўшчыкі пачалі ўспрымацца як старажытнаіўдзейскія валхвы, якія былі сведкамі з’яўлення на небе Віфлеемскай зоркі, што прывяла іх да месца нараджэння Сына Божага. Цяпер яны хадзілі па вёсках і апавяшчалі пра цудоўную падзею — Раство Хрыстова. А шлях да кожнага дома, які ўспрымаўся як месцазнаходжанне Бога, веры, надзеі, любові, асвятляла і паказвала зорка, якая стала абавязковым атрыбутам абраду. Каляды з «зоркай» святкавалі ў тых рэгіёнах Беларусі, дзе ў асноўным пражывалі каталікі. Яны выконвалі царкоўныя песні на аснове евангельскіх гісторый.

Калядоўшчыкі Горацкага павета, Магілёўская губерня, пачатак ХХ стагоддзя

Калядоўшчыкі Горацкага павета, Магілёўская губерня, пачатак ХХ стагоддзя

Прыход калядоўшчыкаў азначаў шчасце, здароўе, дабрабыт сям’і напрацягу ўсяго года. Калі калядоўшчыкі па нейкіх прычынах не прыходзілі ў хату, гэта лічылася вялікай непавагай і прадвеснікам розных бед для сям’і. Выключэннем была толькі адна старажытная традыцыя, згодна з якой калядоўшчыкі не хадзілі ў хаты тых, у каго яшчэ не прашоў год пасля смерці каго-небудзь з сям’і.

У гарадах на Каляды ладзілі кірмашы, святочныя гулянні, тэатралізаваныя імпрэзы. Для заможных гараджан ладзіліся балі, танцы. Напрацягу ўсіх Каляд для дзяцей арганізоўвалі спектаклі, танцы, ёлку. Жыхары гарадоў прымалі ў сябе святара, які здзяйсняў святочны абыход вернікаў. Вечарамі хадзілі ў госці ці сустракалі ў сябе сяброў і родных. Сталых людзей па традыцыі частавалі гарэлкай, каўбасой, смажанай птушкай або парасём, а дзяўчат і хлопцаў — арэхамі, пернікамі, семкамі.

Боты, паленцы і іншыя прылады для каляднай варажбы

Калядныя дні лічыліся магічнымі, таму варажба была іх абавязковым атрыбутам. Варажылі ў асноўным маладыя дзяўчыны, каб даведацца, калі пойдуць замуж і як будзе выглядаць іх жаніх. Часам варажылі сталыя жанчыны, якія клапаціліся пра дабрабыт у сям’і. І нават хлопцы часам хацелі даведацца пра сваіх нявест.

Спосабаў варажбы было вялікае мноства. Самы вядомы з іх — кідаць боцік з левай нагі праз плячо. У які бок глядзеў насок, адтуль і павінен быў прыйсці жаніх. Варажылі дзяўчаты і на паленцах — бралі з кастрышча адно, не гледзячы на яго, і па ім вызначалі, якім будзе будучы муж. Калі палена траплялася гладкае, значыць, і жаніх будзе прыгажуном, калі шурпатае — непрыгожым. Калі палена было з сучкамі, значыць, будучы муж будзе з вялікай сям’і. Крывое палена азначала непрывабнасць суджанага.

З’яўляўся шанец выйсці замуж і ў той дзяўчыны, што змагла абхапіць цотную колькасць дошачак плота

З’яўляўся шанец выйсці замуж і ў той дзяўчыны, што змагла абхапіць цотную колькасць дошачак плота

Сваю будучыню ў адзін з калядных вечароў можна было падслухаць пад вокнамі. Дзяўчыны ішлі да чужой хаты і хаваліся каля яе. Калі чулі, што гаспадар казаў «ідзі», гэта азначала хуткае замужжа. Калі дзяўчына чула, як у доме нехта казаў «сядзі» або «сядай», ёй наканавана было прасядзедь гэты год у дзеўках.

Ёсць шэраг калядных абрадаў варажбы, якія звязаныя з жывёламі. Да прыкладу, гаспадыня пякла аладкі і кожная дзяўчына брала сабе па адной. Затым адчыняліся дзверы, аладкі клаліся на парог і ў хату запускаўся сабака. Чыю аладку ён хапаў першай, тая і павінна была хутка стаць нявестай.

Яшчэ адным прадказальнікам лёсу быў певень або курыца. У пакоі ставілі ваду, люстэрка і насыпалі жыта. Ад таго, да чаго раней падыдзе птушка, залежыла, які ў дзяўчыны будзе жаніх. Калі птушка пачынала кляваць зярно — будзе багаты, глядзелася ў люстэрка — прыгожы, пачынала ваду піць — п’яніца.

Вечар перад Новым годам

У вечар перад Новым годам (у праваслаўных — перад Старым Новым годам) святкавалі багатую, або шчодрую куццю. Кожная гаспадыня імкнулася прыгатаваць як мага больш мясных страў, каб сустрэць Новы год у поўным дастатку і каб увесь наступны год быў сытым. У гэты вечар таксама чакалі незвычайных гасцей. У вёсках па хатах хадзілі дзяўчыны і праводзілі абрад шчадравання. Яны выбіралі самую прыгожую сярод сябровак, апраналі яе ў святочны ўбор, а на галаву надзявалі вянок, упрыгожаны стужкамі. Дзяўчыну-прыгажуню называлі «шчодрай». Калі яна заходзіла ў хату, то гэта абяцала гаспадарам у новым годзе багатае жыццё, шчодры ўраджай, захаванне хатняга дабрабыту. Падчас абыходу вёскі дзяўчыны спявалі тыя ж песні, што і калядоўшчыкі на першую куццю.

Нашыя дні. Экафест «Шчадрэц на раёне» ў Каменнай горцы, Мінск

Нашыя дні. Экафест «Шчадрэц на раёне» ў Каменнай горцы, Мінск

На наступную раніцу да абрадавых абыходаў далучаліся самыя маленькія — вясковыя хлапчукі, якія выконвалі абрад «засеўкі», які на думку нашых продкаў прыносіў добры ўраджай на наступны год. Хлопчыкі хадзілі па хатах і «засейвалі» збожжам чырвоны кут і саміх гаспадароў. Для «пасеву» выкарыстоўвалі спецыяльныя або звычайныя пальчаткі ці адарваны ад старой кашулі рукаў, куды загадзя насыпалі жыта, пшаніцу або ячмень. Часам насілі два такія рукавы: у другі гаспадары клалі пачастункі і дробныя грошы.

Апошні дзень Каляд і вяртанне да звычайнага жыцця

Трэцяя куцця адзначалася напярэдадні Вадохрышча. Гэты вячэра не была доўгай. Людзі елі паспешна, спадзеючыся, што летам так жа хутка справяцца з асноўнымі палявымі працамі. Застолле заканчвалася жартоўнай гульнёй-абрадам. Гаспадыня брала качаргу і злёгку тузала ёй гаспадара. Той хутка падаў. А гаспадыня тым часам гаварыла: «Каб так хутка снапы ў гадзіну жніва падалі». На гэтым Каляды заканчваліся, і людзі прыступалі да сваёй паўсядзённай працы.

Адзначаць Каляды — адна з прыгожых старажытных традыцый Беларусі. Многія ўнікальныя калядныя абрады, якія захаваліся ў розных рэгіёнах краіны, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіныі. Часам святкаванне Каляд гуртуе людзей і ў гарадах, няхай і ў больш сучасным фармаце. Таму хочацца спадзявацца, што з часам традыцыі гэтага свята будуць толькі ўзбагачацца.

Дзякуй, што дачытаў да канца. Мы рады быць карыснымі. Каб даведацца больш цікавага, глядзі наступныя матэрыялы:

Художники белорусской земли: часть первая

Известные учёные Беларуси

Как выглядели белорусские студенты прошлого века? Ищем на фото своих родителей, бабушек и дедушек

Не прапускай важныя навіны і падпісвайся на наш YouTube, ВК, Instagram, Telegram, Facebook і апавяшчэнні на adukar.by.

***

Калі хочаце размясціць гэты тэкст на сваім сайце ці ў сацыяльнай сетцы, звяжыцеся з намі па адрасе info@adukar.by. Перадрукоўка матэрыялаў магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Хочешь быть в курсе новостей ЦТ?
Подписывайся на Адукар в соцсетях!

Начни подготовку к ЦТ и ЦЭ прямо сейчас!

Адукар обещает крутых преподавателей, индивидуальный подход и много полезной практики.

Привет! Ты уже записался на наши

итоговые занятия перед ЦТ? Такие занятия мы проводим уже четвёртый год, и преподаватели нашего учебного центра
научились достаточно точно предсказывать, какие вопросы будут на ЦТ. На этом занятии мы прорешаем их вместе с тобой!
Регистрируйся,
если еще не сделал этого — и увеличь свои шансы на поступление!

   Новы цыкл беларускіх народных свят і абрадаў распачынаюць Каляды. Свята пачынаецца 6 студзеня ўрачыстай вячэрай. Надыходу Каляд людзі чакалі з нецярплівасцю. Імі заканчваўся шасцітыднёвы Піліпаўскі пост, у час якога строга прытрымліваліся шматлікіх абмежаванняў, забараняліся гульні моладзі.
   Да свята актыўна рыхтавалася цэлая сям’я. Старанна прыбіралі ў хаце, каб усё было чыстае і свежае. Хлопцы-падлеткі развучвалі калядкі, майстравалі зорку. Дзяўчаты рабілі з саломы і каляровай паперы павукоў, ланцужкі, гірлянды і іншыя цацкі, каб імі ўпрыгожыць хату і ялінку. Гатавалі вячэру, якая ў залежнасці ад заможнасці сям’і магла быць з некалькіх страў. Вячэра пачыналася са з’яўленнем на небе першай зоркі. Гаспадар прыносіў дахаты жытні снапок з зярністымі каласамі і ахапак пахучага сена. Уваходзячы ў хату, ён вітаў прысутных: «Здаровы будзьце з Калядою!» Гаспадыня кланялася жытняму снапку, запрашаючы: «Каляда, заходзь за наш стол!» Пасля гэтага ставілі снапок у куце пад абразамі, а пры ім сена.
   На сене гаспадыня ставіла гаршчок з куццёю. Сенам таксама ўсцілалі святочны стол, а потым накрывалі спецыяльным абрусам. Гэта павінна было засцерагчы кароў ад ваўкоў, дапамагала іх вяртанню дадому і на доўгі час рабіла жывёлу малочнай, а таксама спрыяла шчасцю і радасці ў хаце.
   Гаспадар запальваў свечку, садзіўся за стол на куце. Побач з ім садзіліся па старшынстве сыны. На другі бок стала ўсаджваліся гаспадыня з дочкамі. Вячэра пачыналася малітвай, у час якой не забываліся пра продкаў. Гаспадар прасіў, каб паспяшалі яны прыйсці на супольную бяседу-куццю.
   Галоўная святочная страва – куцця – дала назву і ўсёй вячэры, якую таксама ў беларусаў называюць куццёй. Зярнятка ў светапоглядзе беларускіх продкаў валодала дзівоснай уласцівасцю – бясконцасцю жыцця. Куцця – сімвал несмяротнасці. Важна было куццю зварыць удала, бо ад гэтага залежаў добры ўраджай і згода ў сям’і. Куцця варылася з такім разлікам, каб яе ўсю з’елі, бо інакш гэта магло стаць прычынай сямейных ці родавых сварак і боек. Куццю елі ў поўнай цішыні. З-за ўрачыстасці і разнастайнасці страў куццю называлі вялікай, беднай і поснай, бо ўсе стравы гатавалі без выкарыстання жывёльнага тлушчу.
   Шырока бытавалі розныя варыянты варажбы. Гаспадары «сеялі боб» па хаце і па двары, каб хлеб урадзіўся, як боб. Гаспадыні кармілі курэй у абручы, каб яны трымаліся свайго дому, не неслі яек абы-дзе. Дзяўчаты выцягвалі з-пад абруса некалькі сцяблінак сена і па іх даўжыні меркавалі аб будучым ільне: калі сцяблінкі доўгія, то лён будзе высокі, калі ж кароткія – лён не ўродзіць. Хлопцы выцягвалі колас з пастаўленага ў куце снапа і прыглядаліся, які ён: поўны – быць з хлебам, пусты – не будзе шанцаваць у працы. Багаты ўраджай ячменю чакалі ў тых сем’ях, у якіх куцця атрымалася разварыстай.
   На другі дзень Каляд, пад вечар, па сяле пачыналі хадзіць калядоўшчыкі – невялікія групкі моладзі, пераапранутыя ў казу, жорава, кабылу і цыганоў. Добра падрыхтаваўшыся, уся гэта пачэсная кампанія хадзіла ад хаты да хаты, вітала гаспадароў добрым словам, віншавала са святам, жадала шчасця ў новым годзе.
   Каляды – свята даўняе, свой пачатак бярэ ў глыбіні сівых стагоддзяў і прысвечана Сонцу – сіле, якая дае жыццё прыродзе і людзям.
(473 словы)

Паводле I. Крука.

Похожие статьи:

Пераказы → Наш касцюм

Артур Вольскі → Артур Вольскі — Калядкі

К → Калядка

Пераказы → Батлейка – калядны лялечны тэатр

Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч — Калядная вячэра

Каляды. Персанажы-маскі (Каза, Мядзведзь, Бусел і Дзед) на карціне беларускага мастака

Каля́ды (састарэлае дыялектнае роздвяны́е свята́[1], калядныя святкі, калядныя нядзелі[2]) — народнае зімовае свята. Працягваюцца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня — з Каляды да Вадохрышча.

У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і свят займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркавана да рэлігійных свят Нараджэнне Хрыстова і Хрышчэнне Гасподняе. На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Каляд шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі.

Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалі калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.

У гадавым коле Каляды супрацьстаяць Купаллю, якое святкавалася блізка да летняга сонцастаяння.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва Каляды паходзіць, верагодна, ад лац.: Calendae календы (назва першага дня кожнага месяца ў рымлян) або ад славянскага «кол», «кола».

Час святкавання Калядаў[правіць | правіць зыходнік]

У мінулыя часы святкаванне Калядаў мела дакладную прымеркаванасць да руху сонца па небасхіле. Вядома, што на перыяд з 18 па 23 снежня ў прыродзе ўсталёўвалася незвычайная раўнавага. Ноч, усеагульнае панаванне якой пачыналася з восеньскага раўнадзенства, пераставала павялічвацца, і на працягу гэтых 5 дзён захоўвалася хоць і напружаная, але ўсё ж раўнавага. І толькі ў ноч з 24 на 25 снежня святло атрымлівала першую прыкметную перамогу — дзень паступова пачынаў павялічвацца. Такім чынам, пачатак Калядаў быў цесна звязаны з зімовым сонцастаяннем, якое і з’яўляецца, прыродай апасродкаваным, пачаткам Новага года.

Далей у наступных раздзелах у дужках пададзены спачатку даты святкавання Калядаў, а праз «/» пададзены адпаведнікі дат святкавання Калядаў для тых, хто святкуе паводле Юліянскага календара.

Святкаванне[правіць | правіць зыходнік]

Святкаванне Калядаў у Беларусі. 2011

Вялікая куцця[правіць | правіць зыходнік]

Першая вячэра (24-25 снежня/6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцці» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з’яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асенсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. Перш чым пачаць вячэру, гаспадар браў гаршчок з куццёй і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае з цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восенню.» Жонка павінна была адказаць: «Просім дахаты.» На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцця і сімвалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Дзеля павелічэння прыплоду і ўдойнасці рэшту куцці давалі свойскай жывёле.

На Куццю, асабіста на першую, запрашалі ў госці мароз, каб задобрыць яго, каб ён потым не шкодзіў гаспадарцы:

«Мароз, Мароз! Хадзі куццю есць,
І іржа, і бель, хадзіце цяпер!
Улетку к нам не бывайце,
Хлеба нашага не ўбівайце,
А ў махавым балоце прабывайце!»

Шчодрая куцця[правіць | правіць зыходнік]

Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня-1 студзеня / 13 студзеня — 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. Яшчэ загадзя гаспадар біў кормную свінню, «каб Каляда не гневалася да дала на ўсё добры ўраджай, а на гавядо харошы прыплод». Свіння, якая выступала ў якасці ахвяры Багам у старажытных грэкаў, рымлян, германцаў і кельтаў, захавала гэта значэнне і ў беларусаў. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Для таго, каб куры несліся дома, а не на чужых дварах, пасля святочнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб.

Звычай «Пячы ката»[правіць | правіць зыходнік]

У вёсках Міншчыны быў распаўсюджаны абрад «пячы ката». З хлеба, пірага, сала, каўбасы рабілася фігурка ў выглядзе ката. Яе падвешвалі на палка ці на столі. Яна раскачвалася, і моладзь спрабавала ўхапіць «ката» і трошкі адкусіць ад яго. На Бярэзіншчыне тулава і галаву «ката» рабілі з печанага цеста, вушы — з сала, а хвост — з каўбасы.

Вадзяная куцця[правіць | правіць зыходнік]

Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (5 студзеня — 6 студзеня / 18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў. У хрысціянскім свеце на Хрышчэнне знайшлі адбітак старажытныя вераванні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера і чэрпалі ваду, якую пасля захоўвалі, як гаючую. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар збярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў. У некаторых вёсках на Хрышчэнне на рэчцы выраблялі са снегу і лёду вялікі крыж, які спачатку палівалі вадой, а потым — бураковым расолам, каб ён набыў чырвоны колер. Побач знаходзілася вялікая бочка з вадой, якую асвячаў святар.

У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісвання Каляды», мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад уздзеяння нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вынімаў з печы гаршчок з куццёй, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэдай.

На працягу ўсіх Калядаў забаранялася займацца г. зв. «крывымі» працамі (шыць, віць, плесці, рабіць крывога і колападобнага, сячы сякераю), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з’явіцца на свет, абазязкова народзяцца «крывыя», пакалечаныя. Скрайне непажадана было пазычыць што-небудзь з хаты, асабліва агонь, хлеб, дзяжу — гэта магло прывесці да нястачы ў гаспадарцы. З другога боку, лічылася, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшы за ўсіх, а калі свінням на першы дзень пасля Куцці кінуць у вочы снегу — іх ніхто не зможа сурочыць на працягу года.

Калядаванне[правіць | правіць зыходнік]

Калядоўшчыкi Горацкага павета Магілёўскай губерні, 1903 г.

Калядаванне — традыцыя з язычніцкімі каранямі. Увечары група сялян (часам дзяўчат, хлопцаў, дзяцей) апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), у розных дзіўных чароўных істот (Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта) і хадзілі па вёсцы або ехалі на возе. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх сабе ў хату, інакш, верылі сяляне, на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Пад канец выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу. Прыводзім адзін з традыцыйных тэкстаў.

Май усяго даволі,
А бяды ніколі!
Стары год канчаем,
Новы зачынаем:
З ранняй вясною,
З буйнай травою,
З збожжам каласістым,
З зярном ядраністым…

[3].

і ў форме вясёлай песні ці вершаванага звароту патрабавалі ўзнагароды за сваё выступленне.

Добры вечар, гаспадару!
Вынесь жа нам каўбас пару.
Ой, пахадзі каля печкі,
Пашукай жа нам перапечкі.
Ой, пахадзі каля кваскі,
Пашукай жа нам каўбаскі.
Вынесь жа сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб уся сям’я была сыта…

[3].

Гаспадар выносіў калядоўнікам хлеб, сала, мяса, садавіну, каўбасы, бліны. Усё гэта калядоўшчыкі складалі ў торбу, якая ад двара да двара рабілася ўсё цяжэйшай. На развітанне яны жадалі гаспадару шчасця, багацця, каб сыны жаніліся і дачкі замуж выходзілі. І ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурце быў персанаж-Каза, то сігналам несці пачастунак бый момант, калі Каза падала на падлогу і быццам «памірала». Гэта азначала вялікае няшчасце: значыць, не будзе ўраджаю і дабрабыту. Трэба ажывіць казу: прынесці пачастункаў. І калядоўшчыкі спявалі адпаведныя песні. Прыводзім адну з іх:

Гаспадар ідзе,
Кілбасу нясе,
Сем кускоў сала,
Штоб каза ўстала.
Паўмеркі жыта,
Штоб каза была сыта
Паўмеркі аўса,
Штоб каза расла.

[3].

На Палессі хадзілі калядаваць са «звяздой» — зоркай на кіі. Зорку абцягвалі белай тканінай, у сярэдзіне гарэла знічка.

На Беларусі калядоўшчыкаў звалі па-рознаму: «каляднікі», «звездары», «шчадраванцы», «шчодры», «цары», «конікі, цыганы», «шчадруючыя госці», «кабылу водзяць», «каза ходзіць». Прыходу калядоўшчыкаў сяляне чакалі з нецярпеннем. У народзе казалі: «Каляды прыйдзе — добры год будзе», «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць», «Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе».

Калядаванне таварыствам «Талака» (Мінск, 1989 г.)

Talaka2.jpg

Talaka3.jpg

Калядныя персанажы[правіць | правіць зыходнік]

Калядныя персанажы-маскі (Мядзведзь, Каза, Бусел і Дзед) на карціне беларускага мастака

М. Андрыёлі. «Ваджэнне казы» ў панскім маёнтку. Заходняя Беларусь, XIX стагоддзе

Абрадавыя тэксты называюць калядоўшчыкаў «ад Бога прысланымі», «гасцямі з далёкага краю, з-пад самага Раю». Калядныя персанажы сімвалізуюць гасцей з «таго» свету, з замагілля, якія ў святочны час ходзяць па зямлі, нясуць ад Бога дабрабыт і размяркоўваюць яго паміж людзьмі. Каб атрымаць сваю долю будучага дабрабыта, трэба адарыць калядоўшчыкаў. Большасць калядных персанажаў мае старажытныя, язычніцкія карані. Прыводзім дадзеныя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Дзед[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным персанажам-калядоўшчыкам быў вельмі старажытны вобраз — Дзед. Ён сімвалізуе памерлых продкаў, «дзядоў». Аблічча старца ў фальклоры мае і Бог, якія вандруе па зямлі, узнагароджвае і карае людзей. Найчасцей менавіта Дзед водзіць казу. У песнях нават сустракаюцца такія радкі: «…Пабойся, козачка, // Старога дзеда // З сівой барадой, // Ён табе згубя, // Шкуру злупя, // Дуду пашые…». Магчыма, гэта ўспамін аб старажытнай традыцыі, калі казу прыносілі ў ахвяру.

Да маскі Дзеда абавязкова прымацоўвалі доўгую бараду, якая сімвалізавала багацце і ўрадлівасць. Сувязь барады і ўраджаю падказвае нават назва апошняга жнівеньскага снапа — «Дзедава барада», або «Богава барада». Разам з Дзедам часта ходзіць яго парны персанаж — Баба. Цікава, але ў даўніну Дзед часта выступаў як эратычны персанаж. Ён мог прычапляць да пояса вялікую моркву, якая азначала мужчынскі орган. Адметны факт, што вясною, у пачатку Масленіцы на поўначы Беларусі існаваў абрад «Пахаванне Дзеда», калі сяляне сімвалічна адпявалі і закопвалі ляльку ў выглядзе старога барадатага мужыка, з морквай, прычэпленай да пояса. Магчыма, у абодвух выпадках гаворка ідзе пра нейкага старажытнага язычніцкага персанажа — бога ўраджаю ці першапродка.

Баба[правіць | правіць зыходнік]

Як і Дзед, увасабляе памерлых продкаў. У беларускім народны календары ёсць як святочныя дні «Дзяды», так і святочныя дні «Бабы». Як і Дзед, апраналася ў старое адзенне, што падкрэслівага яе «іншасветнае» паходжанне. На поўначы Беларусі пасля Калядаў, у апошнія дні масленіцы, ладзіўся абрад «Пахаванне Бабы», на які жартоўна аплаквалі, адпявалі і хавалі ў снег ляльку ў выглядзе жанчыны.

Каза[правіць | правіць зыходнік]

Увасабляе дабрабыт, урадлівасць, багацце. Сімвалізуе смерць і адраджэнне прыроды. Ролю Казы выконваў чалавек ў масцы, у вывернутым кажуху, або пудзіла казы, яе набітая сенам скура, канструкцыя з дрэва ў выглядзе жывёліны ці нават чэрап казы на кіёчку. Часам Казу мог замяняць персанаж Авечкі ці Барана.

У старажытнасці балты і славяне прыносілі коз у ахвяры. Нават у калядных абрадах захаваўся эпізод смерці (або забойства) казы.

Таксама Казой у народзе звалі зорку сузор’я Капэла, — самую высокую і яскравую зорку на калядным небе. Адзін этнаграфічны запіс сведчыць, што з’яўленне на небе зоркі Казы было знакам пачатку Куцці (каляднай вячэры). На Мазыршчыне калядную вячэру нават звалі «Куцця святога козліка». У беларускім калядных песнях ёсць эпізод, дзе каза з казлянятамі ратуюцца ад воўка і ўзбіраюцца на высокае дрэва (гэта значыць, на неба). Паводле Д. Свяцкага, беларусы называлі казлянятамі згуртаванне зорак, сёння вядомае як Пляяды, а воўка сімвалізаваў Месяц. Блізу зімовага сонцастаянна Месяц на кароткі час закрывае сабою Пляяды («Воўк з’ядае казлянятаў»), а пасля зноў адкрывае (казляняты адраджаюцца). Сувязь Казы з ураджаямі падкрэсліваецца і ў калядных песнях:

…Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам!

[3].

Цікава, што ў жніўні існаваў звычай пакідаць нязжатымі ў полі некалькі каласкоў «казе на бараду». У іншых мясцінах некалькі нязжатую купачку каласкоў звалі «казёл».

Мядзведзь[правіць | правіць зыходнік]

Ролю Мядзведзя выконваў чалавек з вывернутым кажухом, у масцы. Часта нехта з калядоўшчыкаў вадзіў яго на ланцугу. Мядзведзь весяліў гаспадароў, рабіў розныя жартаўлівыя дзеянні. Ён сімвалізаваў здароўе, багацце, плоднасць і сілу. Адначасова ён увасабляе дзікую прыроду, з якою трэба пасябраваць, дамовіцца, каб яна была прыхільнай. Вобраз Мядзведзя фігурырые і на свяце Дажынкі, якое адзначалася ў канцы лета. Сяляне запрашалі лясных звяроў (у тым ліку Мядзведзя) на поле са збожжам.

Тур, Карова, Бык[правіць | правіць зыходнік]

Персанаж-Тур суправаджаў калядоўшчыкаў на Палессі, у іншых раёнах яго замянялі Карова ці Бык. Гэты вобраз стварала маска, да якой часта прымацоўваліся сапраўдныя рогі. Тур звязаны з вобразам бога Вялеса. Апошні быў адначасова і богам жывёлагадоўлі, і богам зімы. Таксама Тур мог быць сімвалам раніцы, світанку, свята, якое прыходзіла пасля зімовага сонцастаяння, калі дзень пачынаў расці, а ночы — карацець. Бык увасабляе святло нават у загадках: «Белы бык у акно тык» (дзень), «Сівы бык у вакенца шмык» (світанне).

Бусел[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя персанажаў-жывёл былі і персанажы-птушкі, найчасцей — Бусел. Сустракаўся таксама і Жораў. Касцюм рабіўся такім чынам: майстравалі галаву бусла з чырвонай дзюбай, прымацоўвалі яе на палку. Чалавек насіў яе над сабою ўверсе, як галаву на шыі, а сам хаваўся пад белай прасцінай. Бусел танцаваў, дзёўб прысутных (пад усеагульны смех), заглядваў у гаршкі з ежай. У аварбоўцы касцюмы дамініравалі 3 колеры — белы, чырвоны і чорны. Нэта наогул старажытныя колераварая трыяда беларускай народнай вопраткі, і яна мела глыбокі сімвалічны сэнс.

Сам бусел сімвалізаваў вышэйшы свет. Гэты быў пасланец Неба, Бога. Ён адказваў за нябесныя стыхіі, найперш за вецер. Ёсць дзве падобныя народныя казкі, у якіх дзед атрымлівае чароўны прадмет, якія заўсёды прыносіў яму ежу. У першым варыянце казкі прадмет (торбачку) дае бусел, у другім — вецер. Абодва персанажа, відаць, успрымаюцца як роўназначныя: яны належаць да нябеснай стыхіі і прыносяць дабрабыт.

Воўк[правіць | правіць зыходнік]

На Гродзеншчыне, Віцебшчыне і на Палессі рабілі на каляды маску Ваўка. Гэты персанаж любіў красці дзяўчын, таму апошніх ад яго хавалі. Сам ён сядзеў за спінамі іншых калядоўшчыкаў і сачыў, дзе б гэта скрасці дзяўчыну. Часам ён сапраўды выкрадаў дзеўку (жартоўна, канечне). Хлопцы гналіся за ім, аднімалі дзяўчыну ці выкуплял ў Воўка. А потым як бы «праганялі» яго з вёскі, «што, мол, у нас хлопцы свае ёсць, і дзевак нашых не забірай». Цікава, што ў народных казках воўк таксама часам дапамагае герою скрасці нявесту. Ёсць і народная балада, дзе воўк перамог у спаборніцтве за руку каралеўны і пацягнуў яе ў сваё логавішча.

Заяц[правіць | правіць зыходнік]

Рэдкі персанаж у калядным гурце. Наогул гэты звер лічыўся негатыўным, ён прыносіў няшчасце. У час каляднага дзеяння за ім мог ганяцца іншы персанаж — Воўк. Заяц ратаваўся ад яго і паўсюль хаваўся.

Дзяцел[правіць | правіць зыходнік]

Персанаж Дзяцел быў падобны на Бусла. Калядоўшчык хаваўся ў выварачанай шубе, з якой высоўкаў палку з загнутым канцом («дзюбу») і стукаў ёю па сценках.

Чорт[правіць | правіць зыходнік]

Касцюм Чорта адпавядаў народнаму ўяўленню пра гэтага персанажа: калматы, чорны, з рагамі і казлінай барадою. Калі Дзед увасабаляў Бога, то Чорт мог быць яго антытэзай. Цікава, але большасць калядных персанажаў у фальлоры і паданнях звязана з Чортам: казу і воўка, паводле падання, стварыў не Бог, а Чорт. А конь узнік таму, што бог ператварыў у яго самога Чорта.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Персанаж часта сустракаўся на Магілёўшчыне. Чалавека накрывалі белымі просцінамі, давалі ў рукі драўляную касу. Смерць ганялася за прысутнымі, а яны ўцякалі з крыкам «Смерць прыйшла!». У Давыд-Гарадку калядоўшчык-Смерць апранаў белы балахон, парык, калпак, белыя пальчаткі і белыя бахілы.

Поп[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна гэта парадыйны персанаж, часам паўставаў у негатыўна-камічным святле. Стаўленне да святароў у народзе было неадназначным. З аднаго боку, яны ўспрымаліся як пасярэднікі паміж Богам і людзьмі, як лекары ад хваробаў. З іншага боку лічылася, быццам поп мае «урочлівае вока», можа навесці на чалавеку няшчасці і хваробы. У народнай свядомасці гэта набліжала святара да чарадзея.

Салдат[правіць | правіць зыходнік]

Цікава, але і салдат у фальклоры ўспрымаўся як госць з Іншасвету, з замагіля, «чужынец», блізкі да нячыстай сілы, уладар таемных ведаў. Персанаж з’явіўся ў беларускай традыцыі пасля далучэння да Расійскай Імперыі. Тады была ўведзеная рэкруцкая павіннасць, якой раней на Беларусі не было. Маладых хлопцаў на 25 год забіралі ў войска, адрывалі ад родных мясцін, пазбаўлялі магчымасці стварыць сям’ю. Гэта ўспрымалася як смерць у сацыяльным плане. Таму ў казках і фальклоры салдат быў як бы чалавекам з «таго» свету.

Тры каралі[правіць | правіць зыходнік]

У каталіцкіх рэгіёнах Беларусі калядная абраднасць захавала менш старажытных, язычніцкіх элементаў, чым у праваслаўных. Касцёл быў меней цярпімым да народнай абраднасці, чым царква. У каталіцкіх вёсках былі распаўсюджаныя персанажы «Трох каралёў». Паводле традыцыі, калі нарадзіўся Іісус Хрыстос, да яго прыйшлі тры каралі з далёкіх усходніх краін, каб пабачыць новага Цара Іўдзейскага. Ад 6 студзеня да свята Грамніцы (2 лютага) мужчыны ці хлопчыкі апраналі чырвонае адзенне, макеты карон і хадзілі па хатах з песнямі:

Мы тры каралі,
Ідзём да вас,
Шчасця, здароўя нясём,
З края света ідзём,
У Віфліем, у шалаш

[3].

Праводзіны Калядаў[правіць | правіць зыходнік]

У многіх вёсках былі абрады, якімі адзначалі канец калядных святаў. Вось такія дадзеныя прыводзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства:

  • У вёсках Чэрвеньскага, Асіповіцкага, Бярэзінскага ды іншых раёнаў быў абрад «цягнуць Каляду да дуба». Ён як бы «закрываў» зімовыя святкі. Праводзіўся 7 студзеня (21 студзеня па новым стылі). Людзі збіраліся ўсёю вёскай. Ролю «Каляды» выконваў снапок сена ў жаночым адзенні. Жанчына сядала на санкі, брала гэты снапок-Каляду, чыгунок куцці і старое кола. А сяляне цягнулі санкі да вялізнага дуба ў суправаджэнні вялікай народнай працэсіі, пад смех і жарты аднавяскоўцаў. Дабраўшыся да дуба, з яго здымалі леташні сноп і вешалі новы, прычым рабіў гэта дзяцюк. Потым пачыналіся вяселлі. Як людзі казалі, у гэты дзень да абеду Каляда, па абедзе — забаўлянкі (стол, песні, музыка і г. д.). Гэта значыла, што калядныя святы скончыліся, і з імі трэба развітацца. У савецкі час абрад быў забаронены, але адноўлены ў 1998 годзе ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна. Яго спраўляюць вяскоўцы, таксама паўдзельнічаць у ім штогод прыязджае шмат моладзі, студэнтаў.
  • У в. Буднева 21 студзеня збіраліся, гулялі, жартавалі. Садзілі старую бабу на барану, якую цягнулі да дуба. Абдымалі гэты дуб, весяліліся, пакідалі ля яго на ноч барану, ежу і казалі: «Пакідаем табе барану, каб было здароўе, як у цябе, дуб, крэпкае, і ў нас». А потым весела адбягалі ад дуба і крычалі здалёку: «Гу-у, жджы да другога года, зноў прыдэм!».
  • У в. Орліна ў канцы Калядаў на дрэва вешалі маленькую драўляную імітацыю бараны. Вясною ў гэтай «баране» буслы рабілі гняздо.
  • У в. Курганне рабілі «провады Калядаў». Два мужыкі зацягвалі на дрэва сапраўдную барану, на якую садзілі ляльку са стужак. Барана вісела да вясны. Калі прыходзіў час баранаваць поле, гаспадар забіраў яе.
  • У в. Драні зацягвалі барану на дуб, каб у ёй «буслы вяліся».
  • У в. Пярэкаль на руках да дуба неслі барану, падвешвалі яе, і ўвесну буслы зазвычай рабілі там гняздо. Прычым несці барану павінны былі лепшыя жыхары сяла, працавітыя, разумныя, не п’яніцы. Побач з дубам пелі калядкі: «Ой, Калядачкі, бліны ды аладачкі…» Таксама вазілі на санках бабу.
  • У в. Ваевічы да дуба неслі сноп саломы ці чугун з куццёй, які звалі Святая Каляда ці Посная Каляда. Хлопцы вешалі яго на дрэве, усе пелі калядныя песні.
  • У в. Чарвякі на «провады Калядаў» рабілі ляльку з саломы, апраналі ў стары кажух, цягнулі яе на санках у лес нагамі наперад (як памерлага) і там палілі.
  • У в. Новыя Набаркі жанкі рабілі 6 студзеня ляльку («чычала») з саломы, ставілі ў куце адной з хат. 21 студзеня, у апошні дзень Калядаў, ляльку выносілі на двор і палілі.
  • У в. Доўгае ў пачатку Калядаў скручвалі сена і клалі яго на покуці. А як канчаліся Каляды, сена давалі каровам і каням. Вазілі на санках старую бабу (якую звалі Бабай-Калядай), а яна за гэта частавала ўдзельнікаў абраду.
  • У в. Замікітка моладзь рабіла ляльку з саломы, расфарбоўвала яе і вешала на дубе, пры гэтым спяваючы:

На дуба, калядкі, на дуба
Дзевачкам кудзелька ня люба
Каб нам калядак нядзель дзясятак
Нашы праснічкі б настаяліся
Нашы дзевачкі б нагуляліся.

[4].

  • У в. Каменны Барок хлопцы цягнулі на санках ляльку з саломы, вешалі на дуб, вакол якога потым вадзілі карагоды. Дзён праз 2 ляльку здымалі і палілі.
  • У в. Бярдовічы чыгунок з рэшткамі куцці ставілі на дрэва.

У некаторых вёсках паняцце «цягнуць Каляду на дуба» азначала проста святочнае застолле. Відаць, сам абрад у тых мясцінах забыўся, а назва набыла іншы сэнс. Напрыклад, у вёсцы Стаялы абрад не існаваў, было толькі застолле, але падчас яго пелі песні: «Ой, калядачкі, вы на дуб, на дуб». У вёсцы Мацевічы людзі 20 студзеня збіраліся за багаты стол, і гэта звалося «цягнуць Каляду на дуба».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

  • Ёль
  • Каляднае
  • Нараджэнне Хрыстова

Зноскі

  1. Котович, Крук, 2010, с. 36
  2. Виноградова, Плотникова, 2009, с. 585
  3. а б в г д [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]
  4. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. ”Цягнуць каляду на дуба”

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Виноградова Л. Н., Плотникова А. А. Святки // Славянские древности: Этнолингвистический словарь / Под ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М.: Международные отношения, 2009. — Т. 4. — С. 584—589. — ISBN 978-5-7133-1312-8.
  • Золотые правила народной культуры / О. В. Котович, И. И. Крук. — Мн.: Адукацыя i выхаванне, 2010. — С. 592. — ISBN 978-985-471-335-9.
  • Быль В. Як шляхта каляды спраўляла Архівавана 5 студзеня 2013. // ARCHE Пачатак, 2 студз. 2012.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Лагатып Вікісховішча На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Каляды
  • Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Цягнуць каляду на дуба
  • Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. «Госці калядныя»: сімволіка традыцыйных персанажаў
  • Калядныя песні Архівавана 14 мая 2013.

Каляды

На чтение 3 мин Просмотров 506 Опубликовано 7 ноября, 2020

  Новы цыкл беларускіх народных свят і абрадаў распачынаюць Каляды. Свята пачынаецца 6 студзеня ўрачыстай вячэрай. Надыходу Каляд людзі чакалі з нецярплівасцю. Імі заканчваўся шасцітыднёвы Піліпаўскі пост, у час якога строга прытрымліваліся шматлікіх абмежаванняў, забараняліся гульні моладзі.
 Да свята актыўна рыхтавалася цэлая сям’я. Старанна прыбіралі ў хаце, каб усё было чыстае і свежае. Хлопцы-падлеткі развучвалі калядкі, майстравалі зорку. Дзяўчаты рабілі з саломы і каляровай паперы павукоў, ланцужкі, гірлянды і іншыя цацкі, каб імі ўпрыгожыць хату і ялінку. Гатавалі вячэру, якая ў залежнасці ад заможнасці сям’і магла быць з некалькіх страў. Вячэра пачыналася са з’яўленнем на небе першай зоркі. Гаспадар прыносіў дахаты жытні снапок з зярністымі каласамі і ахапак пахучага сена. Уваходзячы ў хату, ён вітаў прысутных: «Здаровы будзьце з Калядою!» Гаспадыня кланялася жытняму снапку, запрашаючы: «Каляда, заходзь за наш стол!» Пасля гэтага ставілі снапок у куце пад абразамі, а пры ім сена.
 На сене гаспадыня ставіла гаршчок з куццёю. Сенам таксама ўсцілалі святочны стол, а потым накрывалі спецыяльным абрусам. Гэта павінна было засцерагчы кароў ад ваўкоў, дапамагала іх вяртанню дадому і на доўгі час рабіла жывёлу малочнай, а таксама спрыяла шчасцю і радасці ў хаце.
 Гаспадар запальваў свечку, садзіўся за стол на куце. Побач з ім садзіліся па старшынстве сыны. На другі бок стала ўсаджваліся гаспадыня з дочкамі. Вячэра пачыналася малітвай, у час якой не забываліся пра продкаў. Гаспадар прасіў, каб паспяшалі яны прыйсці на супольную бяседу-куццю.
 Галоўная святочная страва – куцця – дала назву і ўсёй вячэры, якую таксама ў беларусаў называюць куццёй. Зярнятка ў светапоглядзе беларускіх продкаў валодала дзівоснай уласцівасцю – бясконцасцю жыцця. Куцця – сімвал несмяротнасці. Важна было куццю зварыць удала, бо ад гэтага залежаў добры ўраджай і згода ў сям’і. Куцця варылася з такім разлікам, каб яе ўсю з’елі, бо інакш гэта магло стаць прычынай сямейных ці родавых сварак і боек. Куццю елі ў поўнай цішыні. З-за ўрачыстасці і разнастайнасці страў куццю называлі вялікай, беднай і поснай, бо ўсе стравы гатавалі без выкарыстання жывёльнага тлушчу.
 Шырока бытавалі розныя варыянты варажбы. Гаспадары «сеялі боб» па хаце і па двары, каб хлеб урадзіўся, як боб. Гаспадыні кармілі курэй у абручы, каб яны трымаліся свайго дому, не неслі яек абы-дзе. Дзяўчаты выцягвалі з-пад абруса некалькі сцяблінак сена і па іх даўжыні меркавалі аб будучым ільне: калі сцяблінкі доўгія, то лён будзе высокі, калі ж кароткія – лён не ўродзіць. Хлопцы выцягвалі колас з пастаўленага ў куце снапа і прыглядаліся, які ён: поўны – быць з хлебам, пусты – не будзе шанцаваць у працы. Багаты ўраджай ячменю чакалі ў тых сем’ях, у якіх куцця атрымалася разварыстай.
 На другі дзень Каляд, пад вечар, па сяле пачыналі хадзіць калядоўшчыкі – невялікія групкі моладзі, пераапранутыя ў казу, жорава, кабылу і цыганоў. Добра падрыхтаваўшыся, уся гэта пачэсная кампанія хадзіла ад хаты да хаты, вітала гаспадароў добрым словам, віншавала са святам, жадала шчасця ў новым годзе.
 Каляды – свята даўняе, свой пачатак бярэ ў глыбіні сівых стагоддзяў і прысвечана Сонцу – сіле, якая дае жыццё прыродзе і людзям.
(473 словы)

Паводле I. Крука.

( 4 оценки, среднее 4 из 5 )

Добры вечар тому
Хто ў гэтаму дому
Мы самі з сабою
З дзецьмі і з жаною
Сталы засьцілаем
Каляды спраўляем
А па гэтай мове
Будзьмо ўсе здаровы
А па гэтай ласцы
Жывіце ў казцы

* * *


Ой ходзіць ходзіць месяц па небу Сьвяты вэчор
Ой просіць просіць зорак з сабою
Зоркі зорнічкі мае сестрынкі
Ходземце з намі, бога шукаці
Ой знайшлі бога ў Мікалая ў хаці
За сталом сядзіць тры сьвечкі гарыць
Тры сьвечкі гарыць тры кубкі стаіць
А ў адным кубку піва кудраво
А ў другім кубку віно зеляно
А ў трэцім кубку мядок саладок
Мядок саладок божанькі сьлядок

* * *


Ішла каледа ў вечары Коледа
Несла арэшкі ў рэшаце
Паставіла на сталочку
Сама села ў вугалочку
А там дзевачкі гадалі
Ля сталочка прабягалі
Абярнулі той сталочак
Пакаціліся арэшкі
Усе дзявоцкія пацешкі
А вы дзеўкі не зевайце
Ды арэшкі сабірайце
Каб былі здаровы гладкі
А мы пойдзем к другой хатке

* * *


Ой гула гула крутая гара Сьвяты вэчор
Сьвяты Мікала сеў у канцы стала
Голаўку скланіў, сьлёзанку разьліў
А з тое сьлязы стаў ціхі дунай
А ў тым дунаю Гасподзь купаўся
Гасьподзь купаўся шчэй сьвяты Пятро
Ой купаліся рахаваліся
А гасподзь кажа, што неба вышэй
А пятро кажа што мора глыбей
Богава праўда пайшла небамі
Пятрова праўда пайшла рэкамі

* * *


Ой калялачкі вы прыйдзіце к нам Ой люлі люлі вы прыйдзіце к нам
Вы прыйдзіце к нам а мы рады вам
Нама піліпаўка надакучыла
Жываточкі нам перамучыла
А калядныя бліны ладныя
А пшанічсныя дзеўкі пышныя
Ой павыбілі дзеўкі сьцежачкі
Яны ходзячы ў начлежачкі
Дай муку крупы яны носячы
Музыканцікаў перапросячы

* * *


А ў чыстым полі лаза стаіць Каляда /2р
На той лазе каза сядзіць Каляда /2р
Прыйшоў да яе шэранькі ваўчок Каляда /2р
Ды зьлезь каза, патанцуем Каляда /2р
Не палезу — цябе баюся Каляда /2р
У цябе ваўчыгу хвост як памяло Каляда /2р
Я ў пана быў пакоі мёў Каляда /2р

* * *


Прыйшла каляда з вечара зь вечара
Дай прывезла пірагі ў рэшаце ў рэшаце
Паставіла пірагі на стал(п)е на стал(п)е
А сам а села на куце на куце
А прыйшлі дзеці за пірог запірог
Да пайшла каляда за парог за парог

* * *


А ў заінькі тры думанькі Коледа
Адна дума полем бегчы
Друга дума лесам бегчы
Трэця дума морам плыці
Полем бегчы — стральцы забьюць
Лесам бегчы ваўкі зьядуць
Морам плыці ўтаплюся
Кала печы не баюся
Ты хазяйка не ляніся
Каля печы павярніся
Кішку з печы каўбасу з плечы
Чарка гарэлкі сыру на талеркі

* * *


Ой калялачкі бліны ладачкі Ой рана рана бліны ладачкі
Вы калядачкі набліжыцеся
А кіўбасачкі паніжыцеся
Мы ж калядкі шанаваць будзем
Бліны ладачкі з ранку печ будзем
Ой вярніцеся ой прадліцеся

* * *


Го-го-го каза, го-го-го шэра
Ты ходзі каза у чыстае поле
У чыстым у полі, там жыта расьце
Дзе каза ходзіць там жыта родзіць
Дзе каза топ топа там жыта сем куп
Дзе каза ногой там жыта капой
Дзе каза рагом там жыта стагом

Го-го-го каза, го-го-го шэра
Не хадзі каза ў кругом сяла
У кругом сяла гарныя стральцы
Радзяцца ісьці козаньку біці
Козаньку біці шкурку злупіці
Шкурку злупіці шубку пашыці

Го-го-го каза го-го-го шэра
Пакланісь каза хазяіну ў ногі
Шчэй господыні шубку дарылі

* * *


Коляда, бегла калядка пэшком пэшком гэй коляда
Коляда несла пірожкі мэшком мэшком гэй коляда
Коляда дай забегла до Дэм’яна гэй коляда
Коляда от Дэм’яна до Стэпана гэй коляда
Коляда от Стэпа на доДэніса гэй коляда
Коляда от Дэмьяна куцьцю тоўкуць гэй коляда
Коляда от Стэпана пірогі пэчуць гэй коляда
Коляда от Дэмьяна війшло пьяна гэй коляда
Коляда от Дэніса війшло лыса гэй коляда

* * *


Ой там на моры, там на сінямор Святы вечар
Млода дзевачка хусьціну мыла
Хусьціну мыла пэстня губіла
Пэрстня губіла бацьку просіла
Ой мой баценька ой мой родненькі
Ты паедзь паедзь за сіня мора
Ты знайдзі знайдзі залаты пярсьцён
Мае конікі дай ня кованы
Мае возейікі да не ладжоны
Воны не зайдуць за сіня морэ
Воны не знайдуць залаты персьцён
Дай адазваўся молод жанішок
Мае конікі да падкованы
Мае возейікі дай паладжоны
Воны ды зайдуць за сіня моры
Воны ды знайдуць залаты пэрсьцён

* * *


Чыя то дачка як ягодачка Сьвяты вэчор добрым людзям
Бацькава дачка ясна панначка
Яна ў сені увайшла сені зазьзялі
Яна ў хату увайшла паны стоялі
Паны стоялі шапкі здымалі
Шапкі здымалі яе віталі
Ці ты цароўна ці каралёўна
Я не цароўна не каралёўна
Бацькава дачка ясна панначка
Мы ж цябе красу не зьняважаем
І са шчадрац(ў)ом цябе вітаем

* * *


Добры вечар табе пане гаспадару Радуйся, ой радуйся зямля сын божы нарадзіўся
Засьцілайце сталы дай усе кілімамі
Кладзіце калосься сьвятае пшаніцы
Ды чакайце ў госьцікі тры сьвяты празьнічка
А першае сьвята божа нараджэньня
А другое сьвята сьвятае васільля
А трэцяе сьвята сьвята вадахрышча

Даслала Julker

Уваходная песня:


Дзень добры дзень , Панне Гаспадару
Каляда-маляда ды калядачка,
Дзень добры дзень , Панне Гаспадыня
Каляда-маляда ды калядачка,
А і слава таму хто ў гэтым даму.
Каляда-маляда ды калядачка,
Хлопцам мы жадаем жыць жаўжды багата
Каляда-маляда ды калядачка,
А каб Вас дзяўчаты камары не елі
Каляда-маляда ды калядачка,
Мухі не кусалі, хлопцы цалавалі.
Каляда-маляда ды калядачка

— Ці дома гаспадар?
— А ці дома гаспадыня?
— Добры вечар у хату! Адкажы нам, гаспадар, ці зайсці, ці сесці, ці каўбасу з’есці
— Ці вялеш гаспадару каляду заспяваці, ці так Калядзе даці?
— Мы вашага двара дый не мінаем, з Калядным святам песню вітаем.

(песня)


Як пад новым годам зорачка свяціла,
Новы год новы зорачка свяціла,
Ды божая маці сына нарадзіла
Новы год новы сына нарадзіла
Сына нарадзіла ў пялены спавіла
Новы год новы ў пялены спавіла
Ў пялены спавіла ў яслі палажыла
Новы год новы ў яслі палажыла
Ў яслі палажыла анелам сказала
Новы год новы анелам сказала
Анелы святыя калышыце сына
Новы год новы калышыце сына
Ды спявайце песьні, песенкі святыя
Новы год новы песенкі святыя
А ўсе людзі рады ўсе весяляцца
Новы год новы ўсе весяляцца
На божага сына ды не наглядзяцца
Новы год новы ды не наглядзяцца

— Мы са святам вас вітаем, шчасця, радасці жадаем!
— Каб у вашай хаце было заўсёды што даці!
— Каб былі міскі, лыжкі памыты, і вашыя дзеткі сыты!
— Каб мірна, весела жылося, каб хацелася і маглося!
— Каб пілося-елася і яшчэ хацелася!
— Будзь, Ваша, здаровы, як рыжык баровы!
— Май торбу грошай, жыві ў раскошы!
— Збожжа поўнае клецце, павагу ў свеце!
— Усяго даволі, а бяды — ніколі!
— Судзі, Божа, гэтыя святы праважаці ды й другіх дачакаці!

— А во, паглядзіце, каго мы з сабой прывялі! (гаспадары адгадваюць, што каза)

ПЕСНЯ


Ўчора звячора засвяціла зора
Ўчора звячора засвяціла зора, засвяціла зора
Зара засвяціла свет узвесяліла
Зара засвяціла свет узвесяліла,свет узвесяліла
Свет узвяселіўся Хрыстос нарадзіўся
Свет узвяселіўся Хрыстос нарадзіўся, Хрыстос нарадзіўся
Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне
Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне, людзям на збаўленне.
Людзі прыбегайце Хрыста прывітайце
Людзі прыбегайце Хрыста прывітайце, Хрыста прывітайце.
Здаровы бывайце нам каляду дайце
Здаровы бывайце нам каляду дайце, нам каляду дайце.
Здаровы святкуйце дайце не шкадуйце
Здаровы святкуйце дайце не шкадуйце, дайце не шкадуйце.

  • Рассказ про колокольчик 2 класс окружающий мир
  • Рассказ про колобка читать
  • Рассказ про колобка на английском языке с переводом
  • Рассказ про италию на английском языке с переводом
  • Рассказ про историю россии