- Пра Беларусь
- Што паглядзець
- Курган Славы
Курган Славы
Курган Славы
Смалевічы
Скульптуры, помнікі, мемарыялы
Курган славы. Вялікі сімвал памяці
Большасць гасцей, прылятаючых у Мінск, не могуць не заўважыць па дарозе з аэрапорта ў сталіцу мемарыяльны комплекс «Курган Славы». Размяшчаецца ён на 21 – м кіламетры трасы М2 Мінск – Нацыянальны аэрапорт «Мінск».
«Мінскі кацёл»
Набліжалася да завяршэння Вялікая Айчынная вайна. Так, у ліпені 1944 года пад Мінскам, там, дзе цяпер размешчаны памятны комплекс, праводзілася буйнейшая наступальная аперацыя пад назвай «Баграціён». Тады ў акружэнне савецкіх войскаў трапіла 105 – тысячная групоўка гітлераўскіх войскаў. Гэта была падзея пад назвай «Мінскі кацёл». Перамогай савецкіх войскаў над нямецкімі, скончылася гэтая аперацыя 11 ліпеня.
Стварэнне мемарыяла
У гонар знакамітай перамогі і быў збудаваны нашчадкамі ў знак памяці «Курган Славы». Стварэнне яго пачалося ў 1967 годзе. У той час кожны чалавек лічыў за гонар прынесці жменю зямлі для закладкі памятнага манумента, аддаць часцінку свайго сэрца пераможцам. Пад кіраўніцтвам архітэктараў, скульптараў, інжынераў і мастакоў Беларусі, ішло ўзвядзенне Кургана Славы. Урачыстае адкрыццё мемарыяла адбылося ў 1969 годзе і з тых часоў ідуць, і ідуць людзі, каб ускласці кветкі ў гонар пераможцаў, успомніць тых, хто не вярнуўся з бою.
Лесвіцы ўгору
Кожны школьнік Беларусі можа адказаць, дзе знаходзіцца і як выглядае мемарыял. «Курган Славы» узвышаецца над зямлёй на вышыні 70,6 метраў. Сам узгорак — вышынёй у 35 метраў. Ад падножжа ўвысь ідуць дзве бетонныя лесвіцы. Кожная з якіх – гэта 241 прыступка, на шляху да вяршыні. Прайсці гэты шлях – значыць ушанаваць памяць усяго савецкага народа. На ўзгорку размяшчаецца скульптурная кампазіцыя – 4 штыка, абліцаваны тытанам. Кожны штык – гэта, адпаведна, 1-й, 2-й, 3-ці Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты. Штыкі акружае кальцо, на якім – барэльефная выява савецкіх салдат, партызан. На ўнутраным баку кальца – надпіс: «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніце — слава!».
Экскурсіі і памяць
Каля «Кургана Славы» часта можна заўважыць турыстычныя аўтобусы. Сюды прыязджаюць не толькі вучні, якія вывучаюць гісторыю, але і ўсе тыя, каму не абыякава мінулае сваёй краіны. Турыстычныя сцежкі да «Кургана Славы» таксама не зарастаюць. Замежнікі па праве кажуць, што нам ёсць чым ганарыцца. Для жыхароў Беларусі — узыходжанне на «Курган Славы» — гэта не проста пераадоленне перашкод, гэта спосаб ушанаваць памяць сваіх родных і блізкіх. Бо такія памятныя манументы ўзводзіліся для таго, каб нашчадкі не забывалі аб вялікім укладзе дзядоў і прадзедаў у мірнае жыццё.
Сцісласцю і лаканічнасцю Курган Славы яшчэ раз нагадвае нам усім аб тым, што не абавязкова казаць пышныя і мудрагелістыя фразы, каб памятаць. Дастаткова ўкласці душу ў сваю справу.
9 мая на Кургане Славы можна заўважыць бесперапынны паток людзей. Усе яны прыходзяць сюды з кветкамі, аддаюць даніну памяці, радуюцца ў гэты святочны дзень вялікай перамогі нашага народа ў тыя далёкія і цяжкія гады. І пакуль будуць працягваць ісці да «Кургана Славы» малыя з кветкамі, пакуль будуць ехаць турысты з усіх канцоў свету і праходзіць святочныя мерапрыемствы, памяць аб былых перамогах будзе жыць у сэрцах многіх пакаленняў.
Карта месцазнаходжання
Экскурсіі
Пражыванне
Вярнуцца да спісу
Мабыць усе ў Беларусі ведаюць, што такое Курган Славы, а з мінчукоў дык увогуле ледзьве не кожны быў на ім.
У дзяцінстве я была тут адзін раз, у годзе гэтак у 1984-м, калі ўскласці кветкі да помніка прыехаў вясельны картэж. Наступны раз я патрапіла сюды ўжо з сябрамі і сваімі дзецьмі амаль праз 20 год. І кожны раз, калі стаю наверсе, не разумею, навошта нявесце падымацца ў вясельнай сукенцы на самы верх, а пасля яшчэ і спускацца з Кургана.
Будаваць Курган Славы пачалі ўвосень 1967 года, калі ўсе ВНУ, прадпрыемствы, заводы выдзялялі працоўную сілу для насыпу зямлі. Некалькі месяцаў такой працы, і жыхары Беларусі насыпалі земляны курган вышынёй у 35 метраў.
Пазней за справу ўзяліся будаўнікі, якія ўвасобілі задумы творчага калектыву аўтараў — скульптараў А.Бембеля і А.Артымовіча, архітэктараў А.Стаховіча і Л.Міцкевіча, інжынера Б.Лапцэвіча.
Манументальная кампазіцыя вышынёй 35,6 метраў сімвалізуе сабой вызваленне Беларусі ад фашыстаў. Чатыры штыкі на кургане увасаблялі франты, якія вызвалялі Беларусь у 1944 годзе – 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі. Штыкі ахоплівае барыльефнае кола з выявамі савецкага воіна, старога партызана, пілота, старога і маладога пехацінцаў, маладой жанчыны, матроса і танкіста. А ўнутры кола можна прачытаць вялікі мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі Вызвольніцы – слава!».
Спачатку помнік задумваўся як манумент з трыма штыкамі ў гонар трох Беларускіх франтоў, але пасля на стадыі распрацоўкі дадалі яшчэ адзін штык у гонар Прыбалтыйскага фронта, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі.
Агульная вышыня помніка (з курганам і манументам) склала 70,6 метраў.
Затрымацца на вяршыні надоўга не атрымаецца, бо нават у спякотнае надвор’е вятры рвуць адзенне і валасы турыстаў. Хіба толькі зробіце фота манумента і наваколля, ды хуценька ўніз.
Наведаўшы Курган Славы, асабліва цікаўным стрымацца ад падліку прыступак будзе цяжка. Лічбу прыступак можна не агучваць, калі ідзеце з кімсьці на Курган, а зрабіць сваеасаблівае спаборніцтва па дакладнасці падліку. Мы налічылі 240, хаця па даведках іх колькасць – 241. У маёй сям’і першынства ў падліку заняў муж-эканаміст.
Адкрыццё помніка адбылося 5 ліпеня 1969 года і было прымеркавана да 25-годдзя вызвалення Беларусі.
Побач з Курганам таксама была выкапана сажалка, якую ў савецкія часы турысты закідвалі манетамі. У 2000-я тут з’явілася яшчэ кафе, атаксама размясцілася выстава ваеннай тэхніцы.
У маім жыцці два чалавекі мелі дачыненне да Кургана Славы. Першы – мой дзядуля, які працаваў мантажнікам і займаўся абшыўкай штыкоў на самай высокай кропцы помніка. Ён заўсёды з захапленнем распавядаў пра цяжкасці працы на вышыні, пра адкрытасць прасторы і адчуванне палёту, калі гойдаешся на лябёдцы. А другі чалавек – добры сябра, спадар Лявон, якога ў студэнцкія часы прымусілі занесці пару вёдзер зямлі на самы верх кургана.
Пасля 1990-х перасталі даглядацца не толькі сядзібы ды поўзруйнаваныя касцёлы, але і помнікі вайны. Курган пакрыху пачаў прыходзіць у занядбаны стан. Некалькі разоў спрабавалі выправіць сітуацыю: суботнікамі, вядзеннем квіткоў на магчымасць падняцца наверх. Сваёй рэстаўрацыі помнік дачакаўся толькі ў 2015 годзе, да 70-годдзя сканчэння Другой сусветнай вайны. Прыступкі памянялі і падсвяцілі, мазаіку падправілі, газон поўнасцю замянілі і паклалі сетку супраць кратоў, а таксама зрабілі каляровую начную падсветку манумента.
Добрых фатаздымкаў начнога Кургана Славы пакуль няма, таму на ваш агляд прапаноўваю прэзентацыю фотамантажа.
фота з www.ex-press.by
Зрабіць падсветку, як вышэй у прэзентацыі, не атрымаецца, таму падсвяціць твары змагароў на коле вакол штыкоў вырашылі светавым німбам.
Час ад часу можна заўважыць, што некаторыя сарвігаловы спрабуюць спусціцца ўніз з манумента не па прыступках, а па схілу. Не моцна злуйцеся на іх, бо такая ідэя прыходзіць не толькі простым грамадзянам ды дзецям, але і людзям пры пасадах. Кажуць, што падчас наведвання мемерыяла кубінскім кіраўніком Фідэлем Кастра такая думка з’явілася і ў яго. Наверх дэлегацыя паднялася па прыступках, а вось спусціцца Кастра пажадаў па схілу. Трава была мокрая пасля дажджу… Ці ўся дэлегацыя дайшла да падножжа на сваіх дваіх нагах, ці нехта ўсё ж такі праехаўся, як у дзяцінстве, на азадку — гісторыя змоўчвае.
Мемарыяльны комплекс | |
Курган Славы | |
---|---|
Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі | |
54°01′07″ пн. ш. 27°53′54″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | Мінская вобласць |
Скульптар | А. Бембель, А. Артымовіч |
Архітэктар | А. Стаховіч і Л. Міцкевіч, В. Лапцэвіч |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» — помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944, размешчаны ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, на 21-м км магістралі М2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт «Мінск».
Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» праводзілася сіламі франтавых злучэнняў пры ўдзеле партызан, пачалася 23 чэрвеня 1944 года і завяршылася 29 жніўня вызваленнем Беларусі, часткі Літвы і Польшчы. Менавіта на Смалявіччыне ў ліпені 1944 года ў акружэнне трапіла 105-тысячная групіроўка гітлераўцаў. Дадзеная падзея атрымала назву «Мінскі кацёл». Разгром гэтай групіроўкі завяршыўся 11 ліпеня і стаў яшчэ адным вырашальным крокам на шляху да вызвалення Беларусі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў, а таксама ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кіраўніцтва БССР 18 жніўня 1966 года прыняло пастанову аб збудаванні манументальна-скульптурнай кампазіцыі «Курган Славы». Закладзены 30 верасня 1966 года прадстаўнікамі гарадоў-герояў Адэсы, Валгаграда, Кіева, Ленінграда, Масквы, Севастопаля, Брэсцкай крэпасці-героя, працоўных, навучэнцаў, вайсковых часцей Мінска і Мінскай вобласці[1]. Удзельнікі мітынгу заклалі памятную пліту і прынялі наказ наступным пакаленням шанаваць памяць мінулай вайны і быць патрыётамі сваёй Айчыны. Тэкст наказу быў замураваны ў спецыяльнай капсуле ў падмурку кургана.
Аўтарамі мемарыяльнага комплексу сталі скульптар А. Бембель, архітэктар А. Стаховіч, а таксама скульптары А. Арцімовіч, архітэктар Л. Міцкевіч, інжынер В. Лапцэвіч[1]. Узвядзенне Кургана Славы пачалося ў лістападзе 1967 года. Тысячы людзей зрабілі ў яго свой уклад і прынеслі сюды купкі зямлі.
Урачыста адкрыты 5 ліпеня 1969 года. У 1970 годзе скульптар А. Бембель і архітэктар А. Стаховіч атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за Курган Славы. З’яўляўся філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны[1].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Курган Славы — складанае інжынерна-архітэктурнае збудаванне, якое з’яўляецца ідэйна-мастайкай дамінантай наваколля. Вышыня кургана складае 35 м, на вяршыні яго чатыры абліцаваныя тытанам штыкі-абеліскі, кожны вышынёй па 35,6 м, якія сімвалізуюць 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты — удзельнікі вызвалення Беларусі. У іх ніжняй частцы мазаічныя выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. Аснову штыкоў акружае шырокае кола, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кола абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы воінаў усіх родаў войскаў і партызанаў. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні вядуць две бетанаваныя лесвіцы (241 прыступак ў кожнай). На падыходзе да помніку з боку шашы гранітная пліта з інфармацыйным надпісам, вакол якога мемарыяльны парк з штучным басейнам[1].
Курган Славы з’яўляецца выдатным прыкладам новай беларускай мемарыяльнай пластыкі, якая перайшла ад фармалізму, уласцівага савецкаму пасляваеннаму мастацтву, да сімвалічных вобразаў, якія разам з тым маюць цесную сувязь з рэальным жыццём.
Курган Славы пад Мінскам парадзіў цэлую хвалю перайманняў сярод архітэктараў, якія стваралі ваенныя мемарыялы па ўсім СССР.
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
- Курганы Славы
Зноскі
- ↑ а б в г А. Г. Ванькевіч. Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- А. Г. Ванькевіч. Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Курган Славы (мемарыяльны комплекс)
- Курган Славы Архівавана 21 мая 2013.
Курган Славы
105-тысячная гітлераўская армія трапіла ў акружэнне. Гэта падзея атрымала назву «Мінскі кацёл». Паражэнне праціўніка адбылося 11 ліпеня, і гэта стала рашучым крокам на шляху да вызвалення Беларусі.
Будаўніцтва Кургана Славы пачалося ў 1967 годзе і стала пытаннем нацыянальнай важнасці. Усе жадаючыя прывозілі жмені зямлі з розных гарадоў. Калі плынь паломнікаў вычарпалася, на гэтым месцы пачалося будаўніцтва кургана. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага ансамбля «Курган Славы Савецкай Арміі — Вызваліцель» адбылося 5 ліпеня 1969 года.
Вышыня Кургана Славы складае 35 метраў. Абеліск складаецца з 4-х стылізаваных штыкоў, якія сімвалізуюць арміі вызваліцеляў Беларусі: 1-й, 2-й і 3-ці Беларускія і 1-га Прыбалтыйскі франты. Сёння Курган Славы з’яўляецца часткай мемарыяльнага комплексу Хатынь, а таксама ўключае ў сябе музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.
Чытаць таксама
Парк Чалюскінцаў
Зялёны востраў у сталіцы. Тут ёсць атракцыёны і дзіцячая чыгунка, а яшчэ месцы для спакойнага адпачынку.
Нязведаныя скарбы беларускай архітэктуры
У Беларусі шмат помнікаў архітэктуры. Але многія з іх сталі месцамі турыстычных паломніцтваў. Калі ж Вам хочацца адзіноты — мы склалі гід па самым прыгожым, але не самым вядомым беларускім мясцінам.
Выспа слёз
Выспа слёз ў Мінску з’яўляецца своеасаблівым мемарыяльным комплексам. Нездарма яе другая назва — Выспа мужнасці і смутку. Пабудаваны ў лукавіне ракі Свіслач, побач з Траецкім прадмесцем, гэты мемарыял з’яўляецца данінай памяці беларускім воінам-інтэрнацыяналістам, якія ўдзельнічалі ў вайне з Аўганістанам 1979-1989 гадоў.
Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» — помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944, размешчаны ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, на 21-м км магістралі М2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт «Мінск».
Перадгісторыя
Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» праводзілася сіламі
франтавых злучэнняў пры ўдзеле партызан, пачалася 23 чэрвеня 1944
года і завяршылася 29 жніўня вызваленнем Беларусі, часткі Літвы і
Польшчы. Менавіта на Смалявіччыне ў ліпені 1944 года ў акружэнне
трапіла 105-тысячная групіроўка гітлераўцаў. Дадзеная падзея
атрымала назву «Мінскі кацёл». Разгром гэтай групіроўкі завяршыўся
11 ліпеня і стаў яшчэ адным вырашальным крокам на шляху да
вызвалення Беларусі.
У памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў, а таксама ў
гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кіраўніцтва БССР 18 жніўня
1966 года прыняло пастанову аб збудаванні
манументальна-скульптурнай кампазіцыі «Курган Славы». 30 верасня
таго ж года на месцы, дзе зараз узвышаецца мемарыял, была
закладзена памятная пліта і праведзены мітынг, у якім прынялі ўдзел
не толькі мінчане, але і прадстаўнікі гарадоў-герояў. Удзельнікі
мітынгу прынялі наказ наступным пакаленням шанаваць памяць мінулай
вайны і быць патрыётамі сваёй Айчыны. Тэкст наказу быў замураваны ў
спецыяльнай капсуле ў падмурку кургана. Збудаванне Кургана Славы
пачалося ў лістападзе 1967 года. Тысячы людзей зрабілі ў яго свой
уклад і прынеслі сюды купкі зямлі. Адкрыццё Кургана Славы адбылося
5 ліпеня 1969 года.
Апісанне мемарыяла
Агульная вышыня мемарыяла складае 70,6 м. Земляны ўзгорак
вышынёй 35 м завяршае скульптурная кампазіцыя з чатырох
штыкоў, аздобленых тытанам, вышынёй 35,6 м кожны. Штыкі
сімвалізуюць 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты,
што вызвалялі Беларусь. Іх аснаванні злучае кольца з барэльефнымі
выявамі савецкіх воінаў і партызан. На ўнутраным баку кальца, якое
выканана ў тэхніцы мазаікі, адбіты тэкст: «Арміі Савецкай,
Арміі-вызваліцельніцы — слава!» Акрамя таго, аснаванне
абеліска ўпрыгожваюць выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. Ад
падножжа кургана да манумента вядуць дзве бетонныя лесвіцы, кожная
з якіх мае 241 прыступку.
Курган Славы з’яўляецца выдатным прыкладам новай беларускай
мемарыяльнай пластыкі, якая перайшла ад фармалізму, уласцівага
савецкаму пасляваеннаму мастацтву, да сімвалічных вобразаў, якія
разам з тым маюць цесную сувязь з рэальным жыццём.
Курган Славы пад Мінскам парадзіў цэлую хвалю перайманняў сярод
архітэктараў, якія стваралі ваенныя мемарыялы па ўсім СССР.
Аўтары
Мемарыял ствараўся аўтарскім калектывам у складзе народнага
мастака, скульптара А. Бембеля, скульптара А. Арцімовіча,
архітэктараў А. Стаховіча і Л. Міцкевіча, а таксама інжынера Б.
Лапцэвіча.
Састаўныя часткі
- Курган Славы: вышыня 35 метраў.
- Абеліск — 4 стылізаваныя штыкі (1-ы, 2-гі, 3-ці Беларускія
і 1-ы Прыбалтыйскі франты — удзельнікі вызвалення Беларусі);
вышыня 35,6 м (ад вяршыні кургана).
Гл.
таксама
- Курганы Славы
Спасылкі
Аб’ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, шыфр 613Д000591 |
- На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме ‘
- Курган
Славы
Сімвал нашай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, сімвал чатырох франтоў, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сімвал міралюбівай беларускай зямлі — усё гэта знакаміты Курган Славы. Узведзены 50 гадоў назад, ён стаў адной з візітовак нашай краіны. І ўсё ж у першую чаргу гэта візітоўка Смалявіцкага раёна, на тэрыторыі якога і знаходзіцца мемарыяльны комплекс.
Незабыўныя ўражанні
Вяршыня 35-метровага кургана — выдатнае месца, каб атрымаць незабыўныя ўражанні. Той, хто пераадолее 241 прыступку, якія віюцца ўверх па схілах кургана, адчуе прыкладна тыя ж эмоцыі, што адчуваюць турысты падчас пад’ёму на горную вяршыню ў прыкладна 2410 метраў. А яшчэ на вяршыні кургана ўяўляеш сябе птушкай. Каля цябе (здаецца, толькі працягні руку) павольна плывуць аблокі і ўзлятаюць самалёты (недалёка знаходзіцца Нацыянальны аэрапорт Мінск), а пад табой як на далоні маляўнічая смалявіцкая зямля.
75 гадоў назад краявіды гэтай зямлі былі зусім не маляўнічыя. Тоны абгарэлай тэхнікі, тысячы забітых салдат, сотні варонак ад узрываў снарадаў — так выглядаў “Мінскі кацёл”, у які ў ліпені 1944 года трапіла каля 105 тысяч салдат вермахта. У гэтым месцы Смалявіцкага раёна адбываліся самыя жорсткія баі. Сёння ля падножжа кургана таксама можна ўбачыць тэхніку, але яна не абгарэлая, вакол танкаў і артылерыйскіх гармат няма варонак ад узрываў. Сёння ля падножжа кургана знаходзіцца музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Ён быў створаны па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі падчас рэканструкцыі Кургана Славы ў рамках падрыхтоўкі да святкавання
60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Шматлікія наведвальнікі любяць фатаграфавацца каля 76- і 85-міліметровых гармат узору 1944 года, супрацьтанкавай 57-міліметровай гарматы, самаходнай устаноўкі ІСУ-152, танкаў Т-34, ІС-2, ІС-3, ІС-10. Падчас урачыстых мерапрыемстваў
з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі і 50-годдзя ўзвядзення Кургана Славы, якое адбудзецца 5 ліпеня, плануецца папоўніць музей ваеннай тэхнікі яшчэ адным экспанатам —
штурмавіком ІЛ-2. Сярод частых наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу — навучэнцы і педагогі Смалявіцкага раёна і ў першую чаргу Азярыцкаслабадской сярэдняй школы, якая знаходзіцца ўсяго за паўтара кіламетра ад комплексу.
Інжынернае збудаванне
— У памяць пра перамогу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на беларускай зямлі ўзведзена шмат помнікаў, абеліскаў, але самы велічны — Курган Славы. Ён увасабляе высакародную памяць пра мужнасць і гераізм воінаў-вызваліцеляў.
Ветэраны і моладзь, жыхары Беларусі і яе госці прыязджаюць на нашу смалявіцкую зямлю, каб наведаць Курган Славы і пакланіцца памяці загінуўшых герояў. У кожнай школе ёсць свае традыцыі. Колькі існуе мемарыяльны комплекс, столькі ж у нас існуе традыцыя несці Вахту памяці на Кургане Славы. Абавязкова яны арганізоўваюцца на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, — паведаміла дырэктар Азярыцкаслабадской сярэдняй школы Марына Аляксандраўна Бачыла.
На кожнае дзяржаўнае свята каля Кургана Славы праходзяць урачыстыя мерапрыемствы. Традыцыйна адбываецца прыняцце навучэнцаў Смалявіцкага раёна ў БРПА і БРСМ, ладзяцца Дні піянерскага сяброўства. Таксама адбываецца ўрачыстая адпраўка прызыўнікоў у месцы нясення тэрміновай службы. Прыязджаюць сюды і выпускнікі пасля апошняга званка, а пасля выпускнога яны сустракаюць каля кургана першае світанне свайго дарослага жыцця. Сюды сапраўды не зарасце народная сцяжына. Курган і ёсць народны помнік, бо ствараўся народам. Прыгожая гісторыя ўзвядзення кургана: маўляў, жменьку за жменькай сыпалі сюды зямлю з гарадоў-герояў усяго Савецкага Саюза, месцаў баёў. Гэта праўда. Аднак праўда яшчэ і ў тым, што калі насыпаць 35-метровы курган толькі жменькамі, то для гэтай справы спатрэбіцца некалькі гадоў. Насамрэч, курган быў
узведзены за паўтара года. Асноўная частка зямлі бралася з вёскі Задомлі. Сёння на тым месцы, адкуль экскаватарамі чэрпался зямля, знаходзіцца невялікае возера.
Курган Славы — не проста насыпанае ўзвышша, гэта складанае інжынерна-архітэктурнае збудаванне, разлічанае літаральна да пясчынкі. Спецыяльны дзёран з густым карэнішчам, на думку аўтараў праекта (інжынера Валерыя Лапцэвіча, скульптараў Андрэя Бембеля і Анатоля Арцімовіча, архітэктараў Алега Стаховіча і Льва Міцкевіча), павінен стварыць своеасаблівы ахоўны панцыр, які б супрацьстаяў апоўзням і падтрымліваў бы найбольш аптымальны вугал схілу ў 35 градусаў. Надзейнасць канструкцыі надае нябачная для наведвальнікаў палівальная сістэма, а таксама 482 прыступкі, якія віюцца з падножжа да вяршыні і ў адваротным напрамку. Знаходзіцца курган на 30-метровым слупавым падмурку.
Нямногія ведаюць, аднак шырокае кола, якое акружае чатыры 35-метровыя штыкі, што сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі), было смелым на той час архітэктурным рашэннем. На ўнутранай паверхні кола мазаікай выкладзены словы: “Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!”, а на знешнім баку ўпрыгожваюць барэльефныя выявы твараў юнай партызанкі, старога партызана, пілота, матроса, танкіста, маладога і старога пехацінцаў. Мазаікай выкладзена і выява ордэна Славы і ордэна Вялікай Айчыннай вайны.
Сястра Хатыні
Пра гісторыю стварэння Кургана Славы можна даведацца або з інфармацыйных стэндаў, якія размешчаны на тэрыторыі мемарыяльнага
комплексу, або падчас наведвання гісторыка-краязнаўчага музея Азярыцкаслабадской сярэдняй школы, які дзейнічае з красавіка
1987 года. Ініцыятарам стварэння і першым кіраўніком была настаўніца гісторыі Алена Сяргееўна Войценка. Па словах сённяшняга кіраўніка Ірыны Вікенцьеўны Скрэкацень, экспанаты асноўнага
(214 адзінак) і дапаможнага фонду (50 адзінак) падзелены на тэматычныя раздзелы: “Быт беларускіх сялян XIX — пачатку XX стагоддзя”, “Наш край да Вялікай Кастрычніцкай
рэвалюцыі”, “Развіццё Азярыцкаслабадскога сельскага савета ў 1918 — 1940 гадах”, “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя Азярыцкаслабадской школы”, “Дзіцячая творчасць”. “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны” — асноўны і самы шматлікі па колькасці музейных прадметаў раздзел.
Як паведаміла Ірына Вікенцьеўна, ужо вечарам 26 чэрвеня
1944 года вёска Слабада была занята ворагам. Акупанты адразу ўстанавілі новы парадак, пачаліся смяротныя пакаранні. Быў закатаваны старшыня Азярыцкаслабадскога сельсавета Платон Антонавіч Яскевіч. Яго прывязалі да вялікай драўлянай бочкі і білі пугамі да таго часу, пакуль ён не памёр. Вытрымліваць падобныя зверствы людзі не маглі, і на акупаванай тэрыторыі разгарнулася барацьба. Так у чэрвені 1941 года ў вёсцы Задомлі Азярыцкаслабадскога сельсавета была створана падпольная група, якой кіравалі дырэктар Задамлянскай школы Аляксандр Іванавіч Мрочак і жыхар Прылепаў Пётр Іванавіч Санковіч. Восенню 1941 года Аляксандр Іванавіч па даносе быў схоплены і пасля катаванняў расстраляны. Пра подзвіг гэтага чалавека расказвае адзін са стэндаў музея і альбом “Подзвіг настаўніка”.
На тэрыторыі Смалявіцкага раёна дзейнічалі партызанскія брыгады “Смерць фашызму” і “Разгром”. Акрамя таго, на смалявіцкай зямлі перыядычна праводзіла аперацыі брыгада “Дзядзі Колі”. Многія жыхары Слабады і навакольных вёсак дапамагалі народным мсціўцам ці самі сыходзілі ў партызанскія атрады. Партызанскаму руху на тэрыторыі Смалявіччыны таксама прысвечаны адзін са стэндаў музея. У адказ на актыўную барацьбу акупанты праводзілі карныя аперацыі. 12 сакавіка
1943 года адбылася трагедыя ў вёсцы Багуце, якая знаходзіцца недалёка ад Слабады.
— Карнікі групамі ўваходзілі ў кожны дом і ва ўпор расстрэльвалі вяскоўцаў. Не шкадавалі ні старых, ні дзяцей. Пасля вёска была падпалена. 130 чалавек загінулі ў гэты дзень, з іх 40 дзяцей. З усіх багуцкіх жыхароў уратаваліся толькі трое. Цяжкі лёс у Марыі Яўгенаўны Булыга. Марыя была ў двары, калі ўбачыла, што вёску з усіх бакоў акружаюць немцы. Яна ўбегла ў хату, дзе былі бацька і маці, і сказала пра тое, што ўбачыла. Бацька загадаў: “Бяжы, дачушка, можа, паспееш, а нам, старым, не пад сілу ўцякаць”. Заплакаўшы, Марыя выбегла з хаты і накіравалася ў бок лесу. Раптам пачула вокрык па-нямецку: “Стой!” Адразу ж аўтаматная чарга. Дзяўчына адчула, як руку абпаліла нешта гарачае, але ўсё бегла. Наперадзе было балота. Марыя, не разбіраючы дарогі, кінулася ў балота і адразу зразумела, што гразне ў ім і не зможа выбрацца. Апошняе, што памятае, — гэта тое, як да краю балота падышоў паліцай з аўтаматам і стрэліў ёй у вока, кроў заліла твар. Калі карнікі пакінулі спаленую Багуту, сюды прыйшлі жыхары іншых навакольных вёсак. Яны знайшлі Марыю і выцягнулі з балота, дзяўчына цудам выжыла. У аснову альбома “Сястра Хатыні — Багута” якраз і пакладзены ўспаміны жанчыны, — паведаміла Ірына Вікенцьеўна Скрэкацень.
На стэндах раздзела, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне, захоўваюцца фотаздымкі ветэранаў, іх узнагароды, салдацкія лісты-трохкутнікі. Сярод ветэранаў, якія да нядаўняга часу жылі ў Азярыцкаслабадскім сельсавеце, удзельнік Парада Перамогі ў Маскве тройчы ардэнаносец Мікалай Паўлавіч Васілёнак. А вось Міхаіл Васільевіч Яскевіч удзельнічаў у ахове Патсдамскай канферэнцыі дзяржаў-пераможцаў у Другой сусветнай вайне. На жаль, ветэранаў ужо няма побач з намі. У вітрынах захоўваюцца рэшткі зброі, гільзы, каскі, знойдзеныя ў ваколіцах Слабады. Цэнтральнае месца займаюць мемарыяльныя дошкі, дзе пералічаны грамадзяне Азярыцкаслабадскога сельсавета, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Важны экспанат — кніга “Нашчадкам прысвячаецца”, якая, па словах метадыста ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама Ганны Яўгеньеўны Чыстай, была выдадзена рэдакцыяй раённай газеты “Край Смалявіцкі” ў дзвюх частках сумесна з раённым Саветам ветэранаў у 2012 і 2014 гадах. Следам выйшла яшчэ адно дакументальна-мастацкае выданне “Іх імёны вартыя памяці”. Гэтыя выданні ёсць у кожнай установе адукацыі.
Прылепшчына гераічная
З падрабязным лёсам землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, можна азнаёміцца і ў музеі Прылепскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Народны краязнаўчы музей “Гісторыя Прылепшчыны” быў створаны ў 1980 годзе па ініцыятыве Дар’і Цімафееўны Абмётка. З 2004 года кіраўніком музея з’яўляецца Валянціна Васільеўна Лянцэвіч. Сваё высокае званне “народны” музей атрымаў у 2014 годзе невыпадкова. Яго стварэнне, а потым і рэканструкцыя былі справай сапраўды народнай. З пералікам людзей і арганізацый, якія выдзелілі сродкі на рэканструкцыю
музея ў 2010 годзе, знаёміць спецыяльная шыльда, змешчаная каля ўвахода ў залу.
Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў. Першы расказвае пра гісторыю краю і школы, другі прысвечаны гісторыі
Прылепшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Трэці раздзел — “Этнаграфія, побыт і адзенне”. У музейных фондах захоўваецца больш за тысячу прадметаў. Па кожным раздзеле праводзіцца
цікавая экскурсія, асабліва душэўная — па этнаграфічным раздзеле, у якім сабраны матэрыялы пра малую радзіму Валянціны Васільеўны і яе землякоў, якія пасля аварыі на ЧАЭС перасяліліся ў Прылепы з Нараўлянскага
раёна.
У гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў найбольш запатрабаваным сярод наведвальнікаў з’яўляецца раздзел па ваеннай гісторыі краю. Цэнтральнае месца займае своеасаблівая
стэла памяці, на якой пазначаны імёны землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і імёны воінаў-вызваліцеляў.
Сярод іх імя былога дырэктара Задамлянскай школы аднаго з арганізатараў падпольнай групы Аляксандра Іванавіча Мрочака. Яго сын Генадзь Аляксандравіч,
выпускнік Прылепскай школы 1941 года, быў падпольшчыкам, сувязным-партызанам, байцом спецатрада “Артур”, пасля вызвалення ваяваў у складзе 2-га Беларускага фронту аўтаматчыкам і дайшоў да Берліна. Валянцінай Васільеўнай разам з вучнямі запісаны ўспаміны Генадзя Аляксандравіча пра яго баявы шлях, а таксама ўспаміны пра бацьку, сабраны падрабязныя звесткі пра дзейнасць прылепскага падполля.
— Наш музей вядзе вялікую работу па зборы матэрыялаў па гісторыі роднага краю, аб яго жыхарах. Асабліва вялікая ўвага ўдзяляецца сустрэчам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, бо для нашых вучняў гэта не проста абстрактныя героі, а блізкія людзі, родныя. Адна з такіх сустрэч і адбылася з Генадзем Аляксандравічам Мрочакам выпадкова каля помніка тату і маме ветэрана. Генадзя Аляксандравіча, на жаль, не стала ў снежні 2010 года, аднак ён пакінуў нам каштоўныя ўспаміны пра сваіх бацькоў, пра жыццё партызан у Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоне. На прыкладзе жыцця яго бацькоў, а таксама самога ветэрана вучні пераканаліся,
што значыць па-сапраўднаму любіць і абараняць Радзіму, як пераадольваць
цяжкасці і заставацца чалавекам, як любіць свой народ і родны край, — падзялілася Валянціна Васільеўна.
“Пасля выпуску мы з класам сабраліся паехаць у Мінск. Назначылі паездку на 22 чэрвеня. Аднак планы аб прагулцы былі парушаны. На другі дзень вайны мой бацька па заданні Смалявіцкага райкама КПБ пачаў ствараць падпольную групу. Яе касцяк склалі брат таты Іван Мрочак, наша сям’я, а таксама аднавяскоўцы. Дзякуючы прыхаванаму радыёпрыёмніку,
сярод мясцовага насельніцтва распаўсюджваліся звесткі Саўінфармбюро. У жніўні 1941 года па даносе тата быў схоплены і расстраляны каля вёскі Рудні. Наша мама пасля гэтага яшчэ больш актыўна пачала весці падпольную дзейнасць. Па рашэнні падпольнага райкама партыі, уся наша шматдзетная сям’я была перавезена ў Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону”, — такія ўспаміны Генадзя Аляксандравіча
Мрочака захоўваюцца ў школьным музеі. І гэта толькі частка вялікага аповеду пра цяжкасці, якія давялося пераадолець у гады Вялікай Айчыннай вайны мясцовым жыхарам.
Масавы подзвіг
Верхмень — вёска ў Смалявіцкім раёне, вядомая ў першую чаргу тым, што ў 1906 годзе тут настаўнічаў Якуб Колас. Пра гэта сведчыць памятная шыльда на будынку Верхменскай сярэдняй школы, а таксама музей, які носіць імя класіка нашай літаратуры. А вось сама школа носіць імя Героя Савецкага Саюза былога выпускніка Віктара Андрэевіча Тумара. Яго партрэт упрыгожвае адзін з раздзелаў экспазіцыі школьнага музея баявой славы, дзе расказваецца пра гады вучобы, пра баявы шлях і подзвіг, які ўраджэнец Смалявіцкага раёна здзейсніў на тэрыторыі Румыніі (цаной свайго жыцця падарваў нямецкі танк у баі
30 мая 1944 года).
Па словах дырэктара школы Марыны Аляксандраўны Крэсік, музей быў адкрыты 26 лютага 1986 года па ініцыятыве былога кіраўніка ўстановы Віктара Сцяпанавіча Мішкевіча. Велізарную дапамогу ў стварэнні музея аказалі ветэраны вайны, якія перадалі ў музей баявыя фотаздымкі, лісты, альбомы, прадметы салдацкага побыту. Чатыры раздзелы экспазіцыі расказваюць пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, баявы шлях 873-га знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка, які вызваляў тэрыторыю Смалявіцкага раёна, пра жыццё і баявы подзвіг Віктара Тумара, пра Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Смалявіцкага раёна.
— Музей баявой славы з’яўляецца цэнтрам пошукава-даследчай працы. Савет музея далучае ўсіх школьнікаў да гэтай цікавай справы. Вывучэнне літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну, архіўных дакументаў, работа з перыёдыкай і іншымі крыніцамі, паходы па месцах баявой славы, экспедыцыі, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі, запіс іх успамінаў, удакладненне спісаў ветэранаў, устанаўленне адрасоў аднапалчан, перапіска — гэта асноўныя формы пошукава-даследчай дзейнасці школьнікаў. Музейныя прадметы і калекцыі сістэматычна выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, грамадазнаўства, літаратуры, дапрызыўнай падрыхтоўкі і іншых, — адзначыла Марына Аляксандраўна.
Асобных слоў заслугоўвае раздзел, прысвечаны баявому шляху 873-га Смаленска-Брандэнбургскага знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка, байцы якога 5 ліпеня
1944 года на тэрыторыі Смалявіцкага раёна здзейснілі масавы подзвіг: полк у складзе шасці батарэй (гэта каля 400 чалавек) на працягу 9 гадзін вёў бой з пяцітысячнай групоўкай нямецкіх войск, якія спрабавалі прарвацца з акружэння. Вывучаючы баявы шлях палка, школьнікі правялі вялікую пошукава-даследчую работу, працавалі з гістарычнымі, архіўнымі матэрыяламі, якія тычацца аперацыі “Баграціён”, неаднаразова здзяйснялі паходы па месцах баёў палка. У выніку былі сабраны ўнікальныя матэрыялы. Адной з важных спраў стала ўсталяванне педагогамі і вучнямі памятнага знака ў гонар подзвігу байцоў палка.
На базе музея баявой славы паспяхова дзейнічае валанцёрскі атрад “След”. Адным з галоўных напрамкаў яго работы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнскай моладзі. Вучні-валанцёры задзейнічаны ў пошукавай, даследчай працы музея, праводзяць паходы па месцах баявой славы, экскурсіі, аказваюць дапамогу Курганскаму сельсавету ва ўдакладненні спісаў малалетніх вязняў, наведваюць і віншуюць ветэранаў, дапамагаюць ім у штодзённых клопатах, шэфствуюць над брацкімі пахаваннямі ў навакольных вёсках.
Маляўнічыя далягляды
Дзясяткі абеліскаў, помнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны знаходзяцца на тэрыторыі Смалявіцкага раёна. Самы галоўны — мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. Гэта адзін з сімвалаў нашай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, сімвал народнай славы. Калі падняцца на вяршыню 35-метровага кургана і палюбавацца адтуль на маляўнічыя смалявіцкія далягляды, то можна яшчэ раз пераканацца ў прыгажосці беларускай зямлі, яе міралюбівасці.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.